Фізічная культура займае вядучае месца ў выхаванні дзяцей, і адным з яе раздзелаў з’яўляецца рухомая гульня. Дашкольны ўзрост — гэта перыяд, калі дзіця хутка расце і развіваецца, авалодвае ведамі, і таму вельмі важна дапамагчы яму навучыцца правільна ўспрымаць знешні свет, акаляючыя яго прадметы і з’явы. Задача дашкольных устаноў — забяспечыць усебаковае развіццё і выхаванне дзяцей. Выкананне яе здзяйсняецца рознымі сродкамі, сярод якіх важнае месца належыць гульні.
Рухомыя гульні ствараюць атмасферу радасці і таму робяць больш эфектыўным комплекснае рашэнне аздараўленчых, адукацыйных і выхаваўчых задач.
Беларускія народныя гульні — адзін з самых старажытных сродкаў выхавання, яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяроддзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў. Як правіла, беларускія народныя гульні — рухомыя. Роля беларускіх народных рухомых гульняў як сродку фізічнага, эстэтычнага і разумовага выхавання абумоўлена тым, што яны садзейнічаюць правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя; развіваюць сілу, спрыт, вастрыню зроку і слыху, назіральнасць, кемлівасць, удумлівасць, вытрымку, калектывізм, клопат пра іншых, любоў да роднага краю, пачуццё справядлівасці і прыгажосці. Гэта адбываецца за кошт таго, што, з аднаго боку, дашкольнікі ўключаюцца ў практычную рухомую дзейнасць, развіваюцца фізічна, вучацца дзейнічаць і прымаць рашэнні самастойна, а з другога боку – яны атрымліваюць маральнае і эстэтычнае задавальненне, знаёмяцца з народнымі традыцыямі, пашыраюць агульны кругагляд, папаўняюць слоўнікавы запас.
Кіраўнік фізічнага выхавання Шчэпанава Галiна Iванаўна






